Вы здесь

Дэпутаты – БАЖу: змены ў закон аб СМІ ўносіць «немэтазгодна»

Рашэнне народных абраннікаў грунтуецца на меркаванні Міністэрства інфармацыі.

ГА «БАЖ» атрымала ад старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных зносінах і СМІ афіцыйны ліст.

Андрэй Наумовіч інфармуе, што зварот журналісцкай арганізацыі наконт удасканалення некаторых палажэнняў закона «Аб СМІ» камісія разгледзела і «дэталёва прапрацавала з Міністэрствам інфармацыі».

Далей дэпутат фактычна рэтранслюе пазіцыю Мінінфарма і кажа пра «адсутнасць істотных недахопаў у прававым рэгуляванні названай сферы».

«На сённяшні дзень Закон РБ «Аб сродках масавай інфармацыі» ў цэлым стабільна функцыянуе, дазваляе вырашыць практычныя праблемы, што ўзнікаюць у дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі, а таксама спрыяе паступальнаму развіццю інфармацыйнай прасторы краіны, – піша А. Наумовіч. – Зыходзячы з гэтага, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў – члены камісіі лічаць у цяперашні час немэтазгодным ініцыяванне ўнясення карэкціровак у заканадаўства ў галіне СМІ...»

 

 

Жанна Літвіна пракаментавала адказ з Палаты прадстаўнікоў. Па назіраннях старшыні ГА «БАЖ», гэта не першы афіцыйны адказ з дзяржаўных органаў з адсылкай да Мінінфармацыі. Напрыклад, Міністэрства ўнутраных спраў, да якога журналісцкая арганізацыя звярталася з прапановай правесці круглы стол, таксама адпісалася пра тую ж «немэтазгоднасць», ківаючы на Мінінфарм. 

«Такое ўражанне, што манаполія на прыняцце абсалютна ўсіх рашэнняў датычна сферы СМІ належыць Мінінфармацыі. Выглядае, што дэпутаты пазбаўленыя магчымасці самастойна, без умяшальніцтва выканаўчай улады, прыняць рашэнне нават па такім бяскрыўдным пытанні, як слуханні ў межах камісіі», – кажа Жанна Літвіна.

«Апошнім часам беларускі бок зноў заяўляе пра зацікаўленасць у канструктыўным дыялогу з ЕС і гатовасць да сумеснай працы, – нагадвае старшыня ГА «БАЖ». – Ад наноў абраных дэпутатаў, ад іх пазіцыі і палітычнай волі залежыць і аднаўленне статусу спецыяльна запрошаных у ПАСЕ, і да ўзаемадзеяння з Еўранестам у межах праграм «Усходняга партнёрства». Гэта немагчыма без вынясення ў публічную сферу праблем масмедыя. Ніякі дыялог на міжнародным узроўні немагчымы без забеспячэння свабоды выказвання, без рэальнага паляпшэння сітуацыі са СМІ ўнутры краіны».

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Оценить материал: распечатать Обсудить в: