Вы здесь

Журналістам "Радыё Рацыя" далі па трое сутак

Генадзю Барбарычу і Аляксандру Ярашэвічу далі па трое сутак. Паколькі той час, што яны правялі за кратамі з пятніцы, улічваецца, журналісты выйшлі на волю ў дзень суда ў 21.45.

Абодвух журналістаў – і Аляксандра Ярашэвіча, і Генадзя Барбарыча – судзілі 29 красавіка ў судзе Савецкага раёна, суддзя Кірыл Палулех. Абодвух вінавацілі ў парушэнні арт. 23.4 КаАП – непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Іх прывезлі ў суд разам з затрыманымі ўдзельнікамі "Чарнобыльскага шляху". Каля 15.30 суд Савецкага раёна пачаў разглядаць адміністратыўную справу Аляксандра Ярашэвіча, пасля 17.40 пачалі судзіць Барбарыча, з тымі ж сведкамі з боку міліцыі.

Паводле міліцыянтаў, журналістаў затрымалі побач з крамай “Акіян” пасля сканчэння акцыі. Сведкамі выступалі супрацоўнікі ГУУС Мінгарвыканкама Рэўт, Карповіч, Драблюк. Яны казалі, што затрыманыя паводзілі сябе “падазрона”, адмовіліся паказаць дакументы, супраціўляліся міліцыі, хапалі за вопратку і ў выніку былі затрыманыя для разбіральніцтва.

У паказаннях сведак-міліцыянтаў былі сур’ёзныя разыходжанні. У прыватнасці, адносна месца затрымання і адносна таго, хто з іх паказваў журналістам пасведчанні, а хто – не.

Паказанні журналістаў супадалі. Абодва падчас допыту расказалі, што пасля акцыі "Чарнобыльскі шлях" яны вярталіся ў рэдакцыю на аўтобусе № 19, дзе заўважылі трох невядомых у цывільным, якія за імі сачылі. На прыпынку каля крамы "Акіян" тыя здагналі журналістаў, прадставіліся міліцыянтамі і загадалі ім прайсці з імі. Журналісты запатрабавалі прад`явіць дакументы. Адзін з трох паказаў пасведчанне супрацоўніка міліцыі, але так, каб не было відаць прозвішча. Пасля гэтага людзі ў цывільным запатрабавалі ад журналістаў праехаць з імі ў РУУС для праверкі дакументаў. Паводле Ярашэвіча, журналісты не супраціўляліся.

Віны сваёй журналісты не прызналі і збіраюцца абскарджваць прысуды.

27 красавіка старшыня ўправы Радыё "Рацыя" Яўген Вапа распаўсюдзіў заяву з нагоды затрымання сваіх супрацоўнікаў. У ёй, у прыватнасці, гаворыцца: "Беларускае Радыё Рацыя з’яўляецца незалежным сродкам масавай інфармацыі, пашырае аб’ектыўную і праўдзівую інфармацыю. Ужо не ў першы раз журналістам нашага радыё чыняць перашкоды ў працы, яны падвяргаюцца пераследу, многія з іх атрымалі папярэджанні ад органаў пракуратуры або КДБ за працу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь без акрэдытацыі. Нагадаем, што Беларускае Радыё Рацыя не аднойчы звярталася ў Міністэрства замежных спраў РБ з просьбай акрэдытаваць журналістаў. Аднак заўсёды мы атрымлівалі адмоўныя адказы. Мы лічым недапушчальным парушэнне права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі. Патрабуем неадкладнага вызвалення журналістаў Генадзя Барбарыча і Аляксандра Ярашэвіча. Мы заклікаем усе незалежныя сродкі масавай інфармацыі, дэмакратычныя партыі і арганізацыі, асобных людзей, выказаць салідарнасць з нашымі затрыманымі калегамі".

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Оценить материал: распечатать Обсудить в: