Вы здесь

Нью-Ёркскі клуб рускіх паэтаў пратэстуе супраць пераследу Пачобута

21 кастрычніка клуб выступіў з адпаведнай заявай, тэкст якой сёння атрымала ГА “БАЖ”.

“Мы, рускамоўныя літаратары Амерыкі, выказваем рашучы пратэст супраць пераследу беларускімі ўладамі журналіста, карэспандэнта польскай “Gazety Wyborczej” Андрэя Пачобута”, – гаворыцца ў заяве.

“Журналісту пагражае пяць гадоў турмы за шэраг публікацый у інтэрнэце. Па ацэнках незалежных экспертаў, журналісцкія артыкулы А. Пачобута не ўтрымліваюць прыкмет паклёпу, але крытыкуюць палітыку беларускіх уладаў.

Наш пратэст мы давядзем да ведама беларускіх уладаў і сусветнай грамадскасці праз непасрэдныя звароты да міжнародных структур і публікацыі ў прэсе”, – гаворыцца ў заяве.

Як стала вядома ГА “БАЖ”, сітуацыю з А. Пачобутам адсочвае таксама Амерыканскі ПЭН (PEN American Center), які аб’ядноўвае каля 3 000 літаратараў. Яшчэ ў ліпені г.г., калі стала вядома пра новую крымінальную справу супраць журналіста, арганізацыя звярталася да Аляксандра Лукашэнкі і генпракурора Аляксандра Канюка з заклікам зняць з Пачобута ўсе абвінавачанні і выканаць свае абавязальніцтвы па абароне свабоды выказвання для ўсіх грамадзян. Звароты пратэсту былі накіраваныя таксама ў дыпламатычныя прадстаўніцтвы Беларусі ў шэрагу краін.

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Оценить материал: распечатать Обсудить в: