Вы здесь

Рамашэўская-Гузы: «Белсат» і гэтым разам выберацца

 

Наш тэлеканал працуе для гледачоў ужо амаль 5 гадоў. І вельмі хутка нас чакаюць значныя змены. З 26 лістапада мяняецца рэжым трансляцыі каналу.

Гэта ўжо другая змена сёлета. У верасні скарацілася трансляцыя ў абедзенны час. Цяпер жа ў вымушаны адпачынак сыдуць амаль усе рэгулярныя праграмы. Інфармацыі не стане менш, але навіны будуць выходзіць у новым фармаце – без вядоўцы. З чым гэта звязана і якія планы «Белсат» мае на будучыню? Пра гэта распавядзе дырэктар тэлеканалу Агнешка Рамашэўская-Гузы.

А. Рамашэўская-Гузы: – Перш за ўсё адзначу, што я б хацела сустрэцца з больш прыемнай нагоды, бо неўзабаве наш канал будзе адзначаць 5-годдзе. І я лічу, што нам сапраўды ёсць чым пахваліцца. Але, на жаль, я мушу праанансаваць некаторыя змены, якія мы ўводзім з 26 лістапада з мэтаю эканоміі.

«Студыя «Белсат»: – Чаму змены адбудуцца менавіта цяпер?

А. Рамашэўская-Гузы: – Гэтыя змены, на жаль, – вынік таго, што за 5 гадоў працы за даволі сціплыя сродкі ўпершыню «Белсату» іх не хапіла на існаванне да канца года. Таму мы мусім адмовіцца ад той праграмы тэлебачання, да якой пачаткова рыхтаваліся. Сёлета мы ўвялі «Студыю «Белсат» – праграму, у якой я цяпер за госцю. Аднак гэта дадатковыя выдаткі, і нам папросту не хапіла грошай. Мы аказаліся ў вельмі сур’ёзнай сітуацыі і вымушаныя значна скараціць трансляцыю.

«Студыя «Белсат»: – Інфармацыя заўсёды была прыярытэтам на нашым канале, але гэтыя ашчаджэнні закрануць навіны, таму ў адпачынак прымусова пойдуць вядоўцы. З чым гэта звязана і ці гэта дапаможа пратрымацца да канца года?

А. Рамашэўская-Гузы: – Мы перакананыя, што гэтыя захады дапамогуць нам неяк ператрываць да канца года. Мы вырашылі, што ўсё ж інфармацыя мусіць застацца, у нейкай форме навіны застануцца. Значнай часткі перыядычных праграмаў гледачы ў снежні не пабачаць. Аднак мы спадзяемся, што ўдасца вярнуцца да нармальнай праграмы транслявання ўжо ў студзені. Яшчэ раз паўтаруся: на сёння нам проста не хапіла бюджэту. Пераважная частка нашага бюджэту складаецца з датацыяў урадаў Польшчы, Швецыі, Нарвегіі, Нідэрландаў, меншыя датацыі вылучаюць на нашае існаванне ўрады шэрагу іншых краінаў. На жаль, сёлета ў нас не выйшла сабраць патрэбнай сумы.

«Студыя «Белсат»: – А чаму «Белсату» складана знайсці спонсараў? Падаецца, гэта такі буйны медыйны праект. Адкуль жа такія складанасці?

А. Рамашэўская-Гузы: – Мне самой цяжка адказаць на гэтае пытанне. Пошукамі сродкаў для нашага каналу я займаюся ўжо 6 гадоў і спадзяюся, што ўрэшце іх знайду. Я лічу, што адна з прычынаў – крызіс у Еўропе: усе эканомяць, і праз гэта пошук фінансавання робіцца сапраўды складаным. Нягледзячы на гэта, налета мы ўжо маем планы, таму нашая сітуацыя не зусім безнадзейная. То бок на цяперашні момант яна вельмі кепская, аднак я спадзяюся, што ўдасца яе выправіць. За гісторыю «Белсату» мы ўжо шмат разоў сутыкаліся з такімі цяжкасцямі, калі здавалася, што мы гэтага не пераадолеем. Думаю, што і гэтым разам мы выберамся. У нас ёсць планы прыцягнуць еўрапейскія сродкі ў наступным годзе. Магчыма, урэшце далучыцца Еўразвяз, які пакуль не фінансаваў «Белсату». Мы на гэта спадзяемся.

«Студыя «Белсат»: – Вернемся да зменаў. Што застанецца? Гледачы не будуць пакінутыя без інфармацыі, некаторыя праграмы не знікнуць: «Маю права», «Рэпартэр», «Беларусы ў Польшчы». Чаму менавіта гэтыя праграмы застануцца?

А. Рамашэўская-Гузы: – Па-першае, застануцца інфармацыйныя праграмы. Навіны – гэта аснова нашага каналу. Па-другое, застануцца праграмы, якія маюць уласных спонсараў, – тыя, што фінансуе ўрад Нарвегіі.

«Студыя «Белсат»: – То бок гэта праграмы, на якія даюцца грошы асобна?

А. Рамашэўская-Гузы: – Менавіта так. На пэўныя праграмы мы атрымліваем грошы, напрыклад, ад ураду Нарвегіі. Яны працягнуць выходзіць. Тыя ж праграмы, якія робяцца за наш бюджэт, у сваёй большасці з экрану знікнуць. Нягледзячы на гэта, навіны ў пэўнай форме захаваюцца.

«Студыя «Белсат»: – Але свята на нашым канале будзе. Чаго можам чакаць на Новы год?

А. Рамашэўская-Гузы: – Так, мы пастанавілі, што пэўныя грошы мы адкладзем менавіта на тое, каб разам з нашымі гледачамі сустрэць Новы год. Хачу запрасіць на святочныя выданні праграмы «Эксперт», якія можна будзе паглядзець 31 снежня і 1 студзеня. На каталіцкія Каляды пакажам святочнае выданне «Вагона» Віктара Шалкевіча, у якім возьмуць удзел вядоўцы, рэдактары, рэпарцёры «Белсату». Мы рыхтуем і сюрпрызы. З трэцяга ж студзеня мы вернемся да нармальнай, усім знаёмай праграмы тэлебачання.

«Студыя «Белсат»: – То бок у наступным годзе мы сустрэнемся ў гэтай студыі з нашымі гледачамі зноў?

А. Рамашэўская-Гузы: – Так, у падобнай, магчыма, нават палепшанай форме. І я спадзяюся, што мы знойдзем фінансаванне для «Белсату» і сёлетняя сітуацыя не паўторыцца, што мы не акажамся перад такім непрыемным выбарам, калі давядзецца здымаць праграмы, каб пражыць да канца года.

 

belsat.eu

Оценить материал: распечатать Обсудить в: